24 красавiка 2025
43-гадовы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, кіроўца рэйсавага аўтобуса міжнародных зносін, схаваў ад мытнага кантролю брэндавыя аксэсуары і абутак. Ехаў ён з Польшчы праз пункт пропуску «Брэст».
Заява кіроўцы аб адсутнасці ў яго тавараў, якія падлягаюць дэклараванню, выклікала сумневы ў брэсцкіх мытнікаў. Было прынята рашэнне аб даглядзе транспартнага сродку.
Як вынік - у тэхналагічнай паражніне аўтобуса выяўленыя брэндавыя аксэсуары і абутак. Сярод іх - кашалёк, заплечнік, клатч, красоўкі агульным коштам каля 20 тыс.рублёў.
Доступ да тавараў стаў магчымы пасля дэмантажу паліцы і вечкі, якая зачыняе тэхналагічную паражніну. Тавар і аўтобус 2005 г.в., ацэначны кошт якога склаў каля 360 тыс. рублёў, канфіскаваныя.
Брэсцкай мытняй распачаты адміністрацыйны працэс у адпаведнасці з ч. 2 арт.15.1 КаАП Рэспублікі Беларусь. Санкцыяй артыкула прадугледжана накладанне штрафу да 30 базавых велічынь з магчымай канфіскацыяй незаконна перамяшчаных тавараў і транспартнага сродку, выкарыстанага для перамяшчэння ўтоеных тавараў.